«ТРЫБУ́НА МАСТА́ЦТВА»,
бел. тэатральна-маст. ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лют.—чэрв. 1925 у Мінску Цэнтр. праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем маст. творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літ.-маст. крытыкі з нар. масамі, распрацоўка эстэт. прынцыпаў бел. мастацтва, выяўленне ў ім нац. стылю, развіццё маст. самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні маст. творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-маст. ўзровень творчасці тэатр. і муз. калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўл. і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё бел. культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на бел. мастацтва толькі як на этнаграфічнае, засн. на стылізацыі фалькл. тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыяліст. мастацтва. Часопіс знаёміў з бел. л-рай, адзначыў юбілеі А.Гурло, Е.Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асн. маст. падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я.Барычэўскі, С.Вальфсон, Ю.Дрэйзін, Я.Дыла, З.Жылуновіч, М.Каспяровіч, Міровіч, М.Шчакаціхін і інш. Выйшла 14 нумароў.
У.М.Конан.
т. 15, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)